«Альгерд» пра тое, як вызвалялі Херсон

Алег «Альгерд» Аўчыньнікаў на вайне зь лютага 2022 году. Зь вясны ён з кароткімі перапынкамі быў на фронце, на херсонскім кірунку. Мінамётны разьлік полку імя Кастуся Каліноўскага, у які ўваходзіць Альгерд, яшчэ 12 лістапада ўвайшоў у Херсон. Пра ўражаньні ад вызваленага гораду «Альгерд» расказаў Свабодзе.

Група «Альгерда» апошні час займала пазыцыю ля сяла Аляксандраўка, што за сорак кілямэтраў ад Херсону. Беларус кажа, што гэта быў стратэгічна важны пункт, бо ад яго наўпрост ідзе дарога да абласнога цэнтру.

Літаральна за дзень да вызваленьня Херсону «Альгерд» з пабрацімамі змаглі здабыць сабе мінамёт, які быў у адной з разьбітых машын. Кажа, што апэрацыя рыхтавалася даўно, а там якраз усё сышлося. У самой Аляксандраўцы ўжо не было мірных грамадзян, таму па вёсцы білі ўкраінскія сілы.

«Ад траўня я быў на херсонскім кірунку. На ўтрыманьне пазыцыі і наступы пайшло шмат і фізычных сілаў, і матэрыяльных рэсурсаў, і некалькі нашых машын зьнішчылі, і боекамплект перастрэлены. Але цяпер адчуваю задавальненьне ад выкананай працы», — кажа баец.

Ён прызнаецца, што не чакаў такога хуткага адыходу расейскіх войскаў, але падкрэсьлівае, што інакш расейцы маглі б трапіць у «кацёл», і абарона Херсону для іх абярнулася б вельмі вялікімі стратамі.

«Калі расейцы адышлі, то ў горад сталі заходзіць Узброеныя сілы Ўкраіны, а менавіта спэцназ, выведка. А мы ўжо зайшлі 12 лістапада ў складзе арганізаваных армейскіх калёнаў. У прынцыпе ў той момант было ўжо бясьпечна заходзіць у горад. Але расейцы пакінулі шмат замінаваных аб’ектаў, вось у гэтым небясьпека была».

З словаў «Альгерда», адчуваньні ад уваходу ў горад цяжка перадаць словамі, але гэта было вельмі эмацыйна і натхняльна.

Беларускі баец добраахвотнік «Альгерд» у вызваленым Херсоне. Разам зь ім іншы беларускі добраахвотнік «Хантэр»
Беларускі баец добраахвотнік «Альгерд» у вызваленым Херсоне. Разам зь ім іншы беларускі добраахвотнік «Хантэр»

«Мабыць, усе бачылі кадры, як вайскоўцаў сустракалі з кветкамі, насілі на руках. Літаральна ўсё так і было! Мы заходзілі на другі дзень, людзей на вуліцах было ўжо трошку менш, але ўсё было тое ж самае. Людзі падбягалі да нас, ціскалі, фатаграфаваліся, цукеркамі частавалі. Уражаньні самыя сьветлыя. Калі даведаліся, што мы беларусы, то любоў іх проста перапаўняла. Херсонцы вельмі любяць беларусаў, асабліва тых, хто ваюе за Ўкраіну (сьмяецца)».

Сам Херсон, як кажа беларус, не разбураны, але адчуваецца, што горад у запушчаным стане.

«У Херсоне баявых дзеяньняў асаблівых не было. Разбураныя толькі тыя аб’екты, якія зьнішчалі расейцы пры адыходзе — масты, тэлевежа. У цэлым Херсон ня ў лепшым стане: ЖКГ не працавала ўвогуле, забясьпячэньнем людзей таксама ніхто не займаўся, расейцам на гэта было пляваць. Калі мы зайшлі ў горад, то не было электрычнасьці і тэлефоннай сувязі, цяпер сувязь крыху пачынае зьяўляцца. Працуюць некаторыя кавярні — за кошт генэратараў».

Беларускі баец добраахвотнік«Альгерд» у вызваленым Херсоне
Беларускі баец добраахвотнік«Альгерд» у вызваленым Херсоне

«Альгерд» зьвярнуў увагу на вялізную колькасьць прапагандысцкіх плякатаў у Херсоне — «Россия здесь навсегда», «Русские и украинцы — один народ», але цяпер іх пазбаўляюцца і самі мясцовыя жыхары, і жаўнеры УСУ.

«Шчыльна паразмаўляць зь людзьмі часу проста не было, але казалі, што пры акупацыі было вельмі цяжка. Людзей у горадзе шмат, не сказаў бы, што пустынны. Людзі ўсе з украінскай сымболікай — гэта вельмі натхняе. Нас сапраўды сустракалі як вызваліцеляў. Нам былі гатовы аддаць апошняе толькі за тое, што мы іх вызвалілі. Уяўляю, што ў Беларусі будзе тая самая карціна, калі будзем яе вызваляць».

Упершыню апублікавана 14 лістапада 2022 году на сайце Радыё “Свабода”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Наверх