Зміцер «Тэрор» Апанасовіч


Служыў у 38-й дэсантнай брыгадзе, снайпэр, ваяр. Хто такі беларус Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, які загінуў ва Ўкраіне.

Зьмітра Апанасовіча ня стала 26 сакавіка, ён загінуў у баях за горад Ірпень пад Кіевам. У гэтым супрацьстаяньні з найлепшага боку прадэманстраваў сябе беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага. Шэсьць дзён безь перапынку яны ўдзельнічалі ў баях за вызваленьне Ірпяня.

Загінуў Зьміцер у выніку абстрэлу пазыцыі з расейскага БМП-3. Ён адвёў аддзяленьне ва ўкрыцьцё, а сам не пасьпеў. Адзін з асколкаў трапіў у акоп, дзе быў Зьміцер. Раненьне прыйшлося на правую лапатку.

«Тэрора» досыць хутка спачатку выцягнулі ў адзін з бліжэйшых дамоў, а потым эвакуавалі. Пабрацімы кажуць, што да яго нават вярталася прытомнасьць, і ў лекараў не было сумневаў, што ён выжыве.

Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч стаў трэцім беларускім добраахвотнікам, які загінуў у вайне ва Ўкраіне. Раней ня стала Ільлі «Літвіна» Хрэнава і Аляксея «Тура» Скоблі.

«Дзіма быў са Смаргоні, 32 гады. Любіў спорт, актыўна правесьці час, заўсёды падтрымае, дапаможа. Вялікі аптыміст. Была ў яго своеасаблівая дзёрзкасьць, калі патрабавала сытуацыя», — успамінае сябра Іван Страшкевіч.

Хлопцы пазнаёміліся ў трэнажорцы ў родным горадзе, разам займаліся рукапашным боем. Потым абодва трапілі на службу ў войска ў 38-ю дэсантную брыгаду ў Берасьці.

На трэніроўцы ў Смаргоні
На трэніроўцы ў Смаргоні

«І Дзіма, і я ганарыліся тым, што служылі ў эліце. Ні кроплі не шкадавалі, што трапілі менавіта туды. Афіцэры сьмела маглі пакінуць пад кіраўніцтвам Дзімы батальён і ведалі, што будзе парадак і дысцыпліна».

Апошнія гады Зьміцер жыў у Варшаве, працаваў дальнабойшчыкам. Менавіта ў рэйсе яго засьпела навіна пра пачатак вайны. Сябра «Тэрора» Павал «Борт» у інтэрвію для сацыяльных сетак батальёну Каліноўскага кажа:

«Я патэлефанаваў Дзіму, які ў той момант быў у рэйсе ў Рызе. „Дай мне пару дзён, прыеду ў Варшаву і разам рушым ва Ўкраіну“, — сказаў ён».

Зьміцер справа
Зьміцер (справа) і Павел “Борт”

«Борт» кажа, што пазнаёміўся з Апанасовічам у 2020 годзе праз агульных сяброў, калі Зьміцер прыяжджаў у Менск на пратэсты.

«Гэта сапраўдны брацішка. Вельмі добра ведаў снайпэрскую справу, ваяр. Шмат чытаў кніг, ведаў пра гісторыю», — казаў «Борт».

Жонкі і дзяцей у Зьмітра не было. Ён не рэгістраваўся ў сацыяльных сетках. Сьветапоглядна прытрымліваўся паганства.

«Ён верыў, што воіны пасьля сьмерці трапляюць у Вальгалу. Паехаў на вайну, мабыць, таму, што абараняць слабых у нас у крыві, так нас выхоўвалі і навучалі», — кажа Іван Старашкевіч.

Зьміцер сустракае сябра на дэмбэлі

Упершыню тэкст апублікаваны 1 красавіка 2022 года на сайце Радыё “Свабода”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Наверх